Беларуская мова (культура маўлення) :Метадычныя рэкамендацыі і кантрольныя заданні для студэнтаў-завочнікаў І курса БДУІРск, 2015
Метадычныя рэкамендацыі да выканання кантрольных заданняў
Кантрольныя заданні падрыхтаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы “Беларуская мова : культура маўлення”, зацверджанай рэктарам установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі” Батурам М. П. ___________ 2013, рэгістрацыйны № ___________/вуч., і прызначаюцца студэнтам-завочнікам І курса БДУІР.
Складальнікі: А. А. Албут і І. В. Наўроцкая – выкладчыкі кафедры агульнаадукацыйных дысцыплiн установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі”.
Кантрольныя заданні накіраваны на свядомае авалоданне сістэмай арфаэпічных, фанетычных, арфаграфічных, лексічных, граматычных і стылістычных сродкаў беларускай мовы адэкватна мэце і тэме выказвання або сітуацыі прафесійных ці справавых зносін. Выкананне заданняў будзе садзейнічаць авалоданню і павышэнню культуры маўлення, спрыяць фарміраванню камунікатыўна развітай асобы, здольнай наладжваць кантакты на нацыянальнай мове, разбірацца ў тэарэтычных і практычных праблемах функцыянавання сродкаў беларускай літаратурнай мовы.
Выкананне кантрольнай работы па беларускай мове дапаможа студэнтам адэкватна перакладаць і рэферыраваць навуковыя, спецыяльныя і службовыя тэксты з рускай мовы на беларускую і наадварот з улікам стылістычнай прыналежнасці і своеасаблівасці іх лексіка-граматычнай будовы, дазволіць палепшыць арфаграфічную і пунктуацыйную граматнасць, набыць навыкі і ўменні правільнага беларускага маўлення, пісьменнага афармлення справавых лістоў і афіцыйных дакументаў.
Пры падрыхтоўцы кантрольнай работы студэнту неабходна пазнаёміцца з прапанаваным спісам літаратуры, знайсці патрэбныя падручнікі і дапаможнікі, вывучыць правілы адпаведных раздзелаў і толькі тады прыступаць да выканання пэўнага задання кантрольнай работы. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на афармленне дакументацыі па-беларуску, а таксама на пераклады. Бясспрэчна, самая складаная частка кантрольнай работы – пераклады, паколькі тэксты, як правіла, насычаны тэрмінамі, устойлівымі спалучэннямі слоў, дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, складаным сінтаксісам. Галоўная задача студэнта пры перакладзе – зрабіць яго не толькі дакладным, але і адэкватным мэце і задуме аўтара (гэта значыць перадаць кожнае слова ў кантэксце, а не паасобку).
Важна, што пры перакладзе з некалькіх магчымых слоў неабходна выбраць тое, якое адпавядае кантэксту, стылёвай накіраванасці твора. Напрыклад, для перакладу прапануецца выраз “лица, поступающие на работу на железнодорожный транспорт”. Руска-беларускі слоўнік прапануе да слова “лицо” наступныя адпаведнікі: “твар”, “асоба”. У дадзеным выпадку слова “лицо” мае лексічнае значэнне ‘человек, личность’ і ў гэтым значэнні перакладаецца як “асоба”. Такім чынам па-беларуску выраз гучыць так: “асобы, якія паступаюць на работу на чыгуначны транспарт” – менавіта такі моўны выклад адпавядае кантэксту.
У сувязі з існаваннем беларуска-рускага двухмоўя ў кантрольных работах асаблівая ўвага канцэнтруецца на спецыфічных асаблівасцях беларускай мовы, што патрабуе ад студэнтаў абавязковай работы з арфа- графічнымі, перакладнымі, тлумачальнымі, этымалагічнымі, тэрміналагіч нымі і іншымі слоўнікамі.
ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ І ВЫКАНАННЯ КАНТРОЛЬНЫХ ЗАДАННЯЎ
1. Кантрольная работа па беларускай мове выконваецца і здаецца ў сшытку на 12 лістоў або ў раздрукаваным камп’ютарным варыянце на лістах фармату А4.
Работа падпісваецца на вокладцы (па-беларуску).
Узор:
Установа адукацыі
“Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
інфарматыкі і радыёэлектронікі”
Кантрольная работа
па дысцыпліне “Беларуская мова : культура маўлення”
Студэнта (кі) курса групы
завочнага факультэта
Іванова Пятра Іванавіча
Заліковая кніжка № _____
Дамашні адрас: 211440, г.Мінск, вул.К. Маркса, д.10, кв.25, тэл. 283-77-99
Праверыў: ___________(Імя, імя па бацьку, прозвішча выкладчыка)
Мінск, 20___
2. Апошняя лічба нумара заліковай кніжкі студэнта абазначае нумар кантрольнай работы.
3. Пасля вызначэння нумара кантрольнай работы студэнт знаёміцца са зместам работы, вывучае матэрыял па падручніках і вучэбных дапаможні ках па беларускай мове, працуе са слоўнікамі.
Рэкамендаваныя метадычныя матэрыялы і тэхнічныя сродкі навучання:
Наўроцкая І. В. Электронны вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне “Беларуская мова: Культура маўлення” / І. В. Наўроцкая– Мінск, 2013. – 197 с.
Электронны вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне “Беларуская мова. Прафесійная лексіка”. / Аўтары: Л.А. Бондар, Н.Г. Вайніла, М.А. Галянок, Т.П. Дапіра, С.В. Ламака, Л.А. Пятроўская, Ю.А. Сцепанчук / Пад рэд. Ю.А. Сцепанчука. – Мінск: Электронная бібліятэка БДУІР, 2006. – 135 с.
4. Перад выкананнем задання запісваецца яго нумар і ўмова.
5. Кантрольныя заданні выконваюцца ў сшытку (або ў камп’ютарным варыянце на лістах фармату А4) сінім, фіялетавым ці чорным чарнілам. Запісы павінны быць акуратнымі і зразумелымі для рэцэнзента.
6. На першай старонцы ўказваецца нумар варыянта.
7. Заданні павінны выконвацца ў той паслядоўнасці, у якой яны пададзены ў кантрольнай рабоце.
8. Заданні перапісваюцца поўнасцю, кожнае заданне пачынаецца з чырвонага радка. Не дазваляецца пісаць у кожную клетку, матэрыял падаецца праз клетку.
9. Студэнт выконвае самастойна свой варыянт кантрольнай работы. Калі будзе ўстаноўлена несамастойнае выкананне работы, яна не будзе залічана. Студэнту будуць прапанаваны новыя кантрольныя заданні.
10. Кантрольныя заданні, у якіх не выкананы ўсе практыкаванні, адсутнічае спіс выкарыстанай літаратуры або вокладкі падпісаны па-руску, не прымаюцца і не рэцэнзуюцца.
11. Атрымаўшы кантрольную работу на дапрацоўку, студэнт павінен у ёй жа выправіць усе памылкі, адзначаныя рэцэнзентам.
12. Студэнт дапускаецца да заліку пры наяўнасці кантрольнай работы з адзнакай «да абароны».
13. Выкананыя кантрольныя заданні павінны паступіць ва ўніверсітэт для праверкі не пазней чым за 15 дзён да пачатку сесіі.